Заўсёды цяжка чуць аб сьмерці любога чалавека, а тым болей чалавека нявіннага. Чалавека, каторы сустракае апошнюю хвіліну, сумуючы па самым блізкім сваім жыцьцёвым спадарожніку. Разважаючы аб гэтым, прыходзіш нават да думкі, што такое ня можа адбывацца цяпер, у трэцім тысячагодзьдзі, у краіне, якая прайшла праз шэраг страшэнных войнаў і выпрабаваньняў. Падаецца, што мы павінны тым болей навучыцца спачуваць кожнай пакутуючай душы і яе берагчы. Але, як відаць, шлях народу нашае да гэткае духовасьці яшчэ доўгі...
23 лютага, пасьля цяжкіх фізычных і душэўных пакутаў, памерла Ірына Казуліна, каторая ўвайшла ў памяць нашую чалавекам мужным, шчырым, у вышэйшай ступені вартым свайму мужу, іх агульнаму служэньню Беларусі.
Ня хочацца гаварыць аб тым, што па волі Часовага ўладара, гэтага магло б і ня стацца. Яму не прызвычайвацца... на чорным сумленьні праваслаўнага атэіста ня першая ахвяра. Ды й няма яе, яніякае ўлады, ні над нашымі душамі, ні над нашымі жыцьцямі.
Адно толькі Бог мае, Каторы сьведчыць нам: "Яшчэ троху - і злачынца ня стане; паглядзіш на месца ягонае - і няма яго" (Псалом-36:10).
Даражэнькія Вольга і Юлія, Аляксандр!
Мы проста хочам Вам сказаць: трымайцеся. Трымайцеся, бо Вы нам усім патрэбны. Трымайцеся, бо Гасподзь пасылае выпрабаваньні толькі тым, каго любіць (Габ. 12:6, 7).
Трымайцеся, а мы будзем побач з Вамі!
Малады Фронт
|