Беларускі палітык Аляксей Кароль паведаміў, што зьняволены Аляксандр Казулін патэлефанаваў з калёніі і зрабіў наступную заяву:
“Я аб'яўляю галадоўку. У выпадку, калі на працягу двух дзён мяне не выпусьцяць, з 26 лютага я аб'яўляю сухую галадоўку, і тады праз 6-7 дзён нас з маёй жонкай пахаваюць разам. Лукашэнка забіў маю жонку, ён забойца. Сьмерць маёй жонкі на яго сумленьні. Я заяўляю, што пахаваньня жонкі ня будзе датуль, пакуль мяне ня выпусьцяць.
Я зьвяртаюся да амбасадараў Эўропы і ЗША з патрабаваньнямі тэрмінова абвясьціць жорсткія санкцыі асабіста супраць Лукашэнкі і асноўных прадпрыемстваў Беларусі. “
Дочкі Аляксандра Казуліна таксама адрэагавалі на нежаданьне ўладаў вызваліць іх бацьку. “Мы заяўляем, што ня будзем хаваць маму, пакуль тата ня з намі. Для яго такое пахаваньне будзе азначаць, што яго “пахаваюць жывога”, - сказала Вольга Казуліна.
Паводле В.Казулінай, яе заява ў рэспубліканскую пракуратуру нібыта “перададзеная міністру ўнутраных справаў Уладзімеру Навумаву і ў Дэпартамэнт выкананьня пакараньняў". Гэтак Вользе Казулінай паведаміў дзяжурны пракурор Мікалай Лявонаў.
|