“Эўропа ня хоча нармалізацыі дачыненьняў зь Беларусьсю, таму што яны далёка зайшлі, і сёньня ня могуць выйсьці з гэтага, захаваўшы твар”, — заявіў сёньня кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка ў Менску ў інтэрвію гішпанскай газэце “El Pais”.
“Хопіць рашучасьці Эўразьвязу гэта зрабіць — то мы будзем сядзець за адным сталом, весьці дыялёг, каб быць бліжэйшымі. Мы гэтага хочам, але Эўразьвяз гэтага ня хоча і выстаўляе непрымальныя ўмовы”, — сказаў кіраўнік Беларусі.
Адзін з арганізатараў Эўрапейскага маршу, намесьнік старшыні Партыі БНФ Віктар Івашкевіч адзначае пэўны прагрэс, калі параўноўвае гэтую заяву Лукашэнкі з ранейшымі, кшталту “я сваю краіну за цывілізаваным сьветам не павяду”.
“Але гэта торг. І тут усе козыры ў прынцыпе ў Эўразьвязу, бо ягоны галоўны козыр — гэта эўра. І не Эўразьвязу трэба думаць, чым аплаціць газ, як ацяпляць кватэры, плаціць заробкі й гэтак далей. Гэтыя праблемы падпіраюць Лукашэнку.
Таму я думаю, што Эўразьвязу трэба дэманстраваць шчырую ўсьмешку і працягнутую руку і казаць пра неабходнасьць далейшага дыялёгу. Але ж на ўмовах, і ў першую чаргу, вызваленьня палітвязьняў, трэба стаяць цьвёрда”, — лічыць Віктар Івашкевіч.
Мінуў год, як абвясьцілі новую палітыку Эўразьвязу датычна Беларусі. Эўразьвяз зрабіў выгадныя эканамічныя й гуманітарныя прапановы народу Беларусі — калі беларускія ўлады вызваляць палітвязьняў, дэмакратызуюць выбарчую сыстэму й будуць выконваць іншыя абавязаньні.
У нядаўняй заяве прадстаўніцтва Эўракамісіі ва Ўкраіне й Беларусі абвяшчалася пра тое, што прапановы Эўразьвязу застаюцца ў сіле.
Ганна Соўсь, Менск
|