Радыё Свабода
Кошт газу для Беларусі ў 2008 годзе будзе прывязаны да кошту газу для Польшчы. Пра гэта агенцтву БелаПАН паведамілі ў прэсавай службе “Газпрому”.
Згодна з кантрактам, падпісаным паміж кіраўніцтвам "Газпрому" і ўрадам Беларусі 31 сьнежня 2006 году, у 2008 годзе кошт на газ павінен скласьці 67% ад кошту на эўрапейскім рынку, у 2009 годзе — 80%, у 2010 годзе — 90%, у 2011 годзе – выйсьці на ўзровень сярэднеэўрапейскай цаны.
У прэсавай службе “Газпрому” падкрэсьлілі, што для эўрапейскіх краін кошт "паўсюль свой", і хаця існуе паняцьце "сярэднеэўрапейскага кошту, але ён не агучваецца". Аднак на мінулым тыдні намесьнік старшыні праўленьня "Газпрому" Аляксандар Мядзведзеў падчас перамоваў з прадстаўнікамі Ўкраіны паведаміў, што расейскі газавы канцэрн прагназуе, што сярэднеэўрапейская цана на газ у наступным годзе складзе 300 даляраў за тысячу кубамэтраў.
Паводле польскага газавага манапаліста, кампаніі “PGNiG”, цана на газ для Польшчы сёлета склала прыкладна 230 даляраў за тысячу кубамэтраў.
Сёлета ў студзені ў разгар беларуска-расейскай энэргетычнай вайны прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін агучыў іншую лічбу: паводле яго, на 2007 год Польшча дамовілася з “Газпромам” на цане 270 даляраў за тысячу кубамэтраў.
Калі цана газу для Польшчы ў наступным годзе ня зьменіцца, то, паводле формулы пагадненьня беларускага ўраду і “Газпрому”, цана для Беларусі павінна скласьці 154 даляры за тысячу кубамэтраў паводле вэрсіі “PGNiG”, і 180 даляраў за тысячу кубамэтраў паводле вэрсіі Пуціна.
Калі за базу будзе ўзятая сярэднеэўрапейская цана, агучаная Мядзьведзевым, то кошт газу для Беларусі складзе прыблізна 200 даляраў за тысячу кубамэтраў.
|