Уладзімер Глод, Менск
Аб’яднаныя дэмакратычныя сілы Беларусі рыхтуюць адзіны сьпіс патэнцыйных кандыдатаў у Палату прадстаўнікоў. Згодна з заканадаўствам, чарговыя выбары мусяць адбыцца ў другой палове 2008 году, але лідэры апазыцыі мяркуюць, што нельга адкідаць верагоднасьці датэрміновых выбараў.
Сустаршыня Палітрады аб’яднаных дэмакратычных сілаў Вінцук Вячорка кажа, што перамовы наконт адзінага сьпісу кандыдатаў працягваюцца:
“Трэба яшчэ працаваць, трэба працаваць. Днямі мы былі ў Магілёве, дзе праводзілася наша, фронтаўская сустрэча. Мы там абмяркоўвалі гэтыя справы. Як дасягаць, з аднаго боку, эфэктыўнасьці, а з другога — паразуменьня. Ну і, бясспрэчна, там, дзе ўсе структуры моцныя, прыкметныя, там запатрабуецца больш часу для такога паразуменьня”.
Карэспандэнт: “Бо там больш прэтэндэнтаў?”
“Так, так”.
Спадар Вячорка кажа, што на 110 дэпутацкіх месцаў утрая больш прэтэндэнтаў:
“Гэта ня ёсьць праблемай з колькасьцю. Праблема зь якасьцю цяпер. Ёсьць шэраг відавочных крытэраў, якія прэзыдыюм аб’яднаных дэмакратычных сілаў прапанаваў — як мэтадычку, як узор мясцовым структурам.
Альгарытм павінен быць такі: калі на месцах ёсьць згода, ну дык і дзякуй Богу. Калі ж згоды няма, дык кааліцыйныя структуры павінны прапанаваць мэханізм, паводле якога будзе вызначацца адзіны прэтэндэнт.
Ну і, бясспрэчна, трэба вызначацца ў прыярытэтах. Больш важна дасягнуць згоды ў тых акругах, дзе і найбольш дэмакратычна мысьляць людзі і ёсьць найбольш структураў разнастайных дэмакратычных сілаў”.
Намесьнік старшыні незарэгістраванага руху “За свабоду” Віктар Карняенка кажа, што рух ня будзе вылучаць сваіх кандыдатаў на выбары ў Палату прадстаўнікоў:
“Чаму? Ад самага пачатку мы заяўлялі, што мы ня ёсьць палітычнай партыяй, якая будзе рабіць тое самае, што ўсе астатнія. І вядома, што ў рух уваходзіць шмат прадстаўнікоў разнастайных палітычных партыяў.
Таму мы пакідаем права за гэтымі партыямі, каб яны самі вылучалі тых людзей, каго хочуць. Калі гэта будуць прадстаўнікі руху – калі ласка. Мы абсалютна ня супраць, наадварот. А калі яны палічаць, што гэта ня трэба, гэта таксама іх права”.
Віктар Карняенка дадае, што рух будзе зноў спрабаваць афіцыйна зарэгістравацца. І будзе прыкладаць намаганьні для правядзеньня справядлівых выбараў:
“Гэта ўсё, што зьвязана з паляпшэньнем сытуацыі — выкарыстаньнем заканадаўства, яго паляпшэньнем, працэдураў выбарчых. Адпаведна з заканадаўствам няўрадавыя арганізацыі маюць права вылучаць сваіх прадстаўнікоў у выбарчыя камісіі. Вось тут будзе наша галоўная дзейнасьць”.
|