Пасьля паўзы ў год гурт Лявона Вольскага ізноў дае вялікі
канцэрт у Менску. Нагода — 15-годзьдзе творчай дзейнасьці. Спраўляцца
юбілей будзе без асаблівага афіцыёзу, патасу і гучных словаў, у вялікай
залі, але ў камэрным фармаце.
«Мне асабіста акустычныя канцэрты
падабаюцца больш цёплымі адносінамі з гледачамі, хатняй атмасфэрай і
магчымасьцю суцэльнай імправізацыі», — прызнаецца Лявон Вольскі.
Пасьля таго, як рокерам паабяцалі ў адміністрацыі прэзыдэнта зьняць усе забароны, гурт N.R.M.
практычна зьнік з музычнага далягляду і адмаўляўся ад удзелу ў
канцэртах і фэстывалях на тэрыторыі Беларусі. Самі музыкі тлумачылі
гэта тым, што ўзялі творчы адпачынак. « Трэба вытрымаць паўзу. Тры
гады нельга было граць, а цяпер гэта нават заахвочваецца. Думаю, што
наадварот у гэтай сытуацыі трэба крышачку памаўчаць ды падумаць», — прызнаўся Вольскі ў адным з сваіх інтэрвію. За гэты час гурт сабраўся ўсяго некалькі разоў і тое дзеля канцэртаў па-за межамі краіны. І вось музыкі прынялі рашэньне даць вялікі канцэрт — у канцэртнай залі «Мінск» 17 сьнежня. Гэта будзе першы іх выступ за гэты год у сталіцы. Нагода — 15-годзьдзе N.R.M.,
якое вырашана справіць акустычным канцэртам. Лявон Вольскі прызнаецца,
што такі камэрны фармат яму больш даспадобы, бо мае больш хатнюю
атмасферу, дае магчымасьці для імправізацыі ды і наогул атмасфэра на
такіх выступах яму падаецца больш добразычлівай. Музыкі абяцаюць
сыграць галоўныя гіты N.R.M., песьні з супольных праектаў, калядныя
творы, а таксама рыхтуюць колькі сюрпрызаў.
|