Экспэрымэнт, на які наважыліся арганізатары — атрымаўся. Больш
за 2000 гледачоў сабраў першы фэст Bela Music, які стаў сапраўдным
музычным апалітычным сьвятам.
Цягам пяці гадзінаў на сцэну выйшлі
практычна ўсе лідэры беларускага року, а на пляцоўцы маладафронтаўцы
адпачывалі побач з бээрсээмаўцамі. Асаблівую атмасфэру на фэстывалі
зрабіў моцны дождж, які пачаўся пад выступ гурта Garadzkija, а таксама
на дзіва яркая вясёлка, якая зьявілася прыканцы выступу Алега Хаменкі і
гурту «Палац».
Ад моманту абвяшчэньня пра нараджэньне новага фэстывальнага брэнду «
Bela Music»
гэтага дажджлівага, як апынулася, кантраснага дню чакалі і скептыкі
культуры, і аматары беларускай альтэрнатывы, і музыкі — экспэрымэнт
заўсёды цікавы сваім вынікам.
Цягам фэстывальных пяці гадзінаў на сцэну выйшлі прадстаўнікі розных беларускіх музычных фэстаў і конкурсаў. Прадусар
«Рок-Каранацыі» Юры Цыбін прадставіў гурт «Детидетей» і
Ганну Хітрык — Рок-князёўну 2008 году. Ад музычнага сайту
Experty.by на «Bela Music» прысутнічаў вядомы музычны журналіст
Зьміцер Падбярэзскі, які прадставіў праект знаных музыкаў —
Аляксандра Растопчына, Аляксея Казлоўскага, Кірылы Шывандо — Rastop Power Trio.
Сюрпрызам фэстывалю стаў удзел
Пятра Елфімава, чыё імя апошнім часам асацыюецца выключна з «
Эўравізіяй». Прадстаўляў выканаўцу музычны партал «
Тузін Гітоў» — колькі гадоў таму Пётар упершыню ўдзельнічаў у гіт-парадзе зь песьняй
Чэслава Немэна «
Dziwny swiat».
З выкананьня тае песьні сьпявак пачаў сваю акустычную праграму на «Bela
Music». Падчас яго выступу слухачы расьцягнулі перад сцэнай па-хуткаму
намаляваны плакат «
Поёшь ох:)но», хтосьці спрабаваў крычаць абразы, але абыйшлося без сутычык. А сьпяваў Пётар сапраўды добра.
Намесьніца старшыні «
Беларускага аб’яднаньня студэнтаў», якое арганізоўвае «
Басовішча»,
Кася Кузьміч распавяла пра пляны на 20-ы юбілейны фэст ды прадставіла
Neuro Dubel
— апроч астатняга, рэгулярнага ўдзельніка «Басовішча». Беларускую
этна-сцэну, а таксама фэстываль «Вольнае паветра» прадставіў дырэктар
фэсту
Ўладзімер Шаблінскі ды
Алег Хаменка з «
Палацам». Пад сцэнай гледачы пачалі вадзіць рытуальныя карагоды вакол сваіх мокрых парасонаў і яшчэ актыўней затанчылі пад «
БЕЗ БИЛЕТА».
Адзін з раней забароненых — гурт «
Крама» прадстаўляў прадусар полацкага
«Рок-Кола» Аляксандар Рагачоў. За гісторыю старэйшага беларускага фэстывалю там пасьпелі выступіць розныя беларускія гурты —
N.R.M. у часы забаронаў, Neuro Dubel, IQ48,
Tarpach і расейская зорка «
Алиса», але ўлюбёнцам фэстывалю, па прызнаньні Аляксандра Рагачова, стала «Крама».
Уладальнікаў прэміі музычнай кампаніі «
Містэрыя гуку» гурт «
J:морс» на «Bela Music» прадставіў прадусар прэміі
Адам Старповіч. Цудоўным выступам «морсаў» і завершылася разнастайная музычная праграма «Bela Music».
Цікава, што сталых вядучых фэсту не было, гэтую ролю па чарзе выконвалі
Саша Ракавец і
Воля Самусік,
Іна Кашырына і
Андрусь Такіданг,
Каця Пытлева,
Зьміцер Вайцюшкевіч і
Алег Хаменка.
Менавіта
такім чынам і была зрэалізаваная ідэя стваральнікаў новага фэсту
беларускай музыкі «Bela Music» — на адной імпрэзе сабраць прадстаўнікоў
розных беларускіх фэстываляў, конкурсаў і прэміяў.
Да
немузычнага складніка першага вялікага беларускага оўпэн-эйру.
Зразумела, што большасьць наведнікаў наракала на адсутнасьць хаця б
піва ў асартымэнце гандлёвых намётаў ад раённых РАЙПО. Аднак асноўнай
праблемай гледачоў, якія не зьбіраліся ўвесь час стаяць пад сцэнай —
адсутнасьць іншых забаваў
акрамя як таго, каб «баразьдзіць» пад музыку агароджаныя прасторы
пляцоўкі Баравой з кубкам кавы з намёту «Менскага РАЙПО» ды назіраць за
стражамі парадку, якія на фэсьце былі прадстаўленыя ў непрыстойна
вялікіх колькасьцях.
Дзіўна было назіраць маладых людзй ў камізэльках «
БРСМ»,
якія гулялі па пляцоўцы пад музыку Neuro Dubel. Але нават пры тым, што
побач з актывістамі БРСМ адпачывалі маладафронтаўцы — мерапрыемства
атрымалася цалкам апалітычным — ніякіх лёзунгаў ці сьцягаў, толькі
музыка.
P.S. Галоўнае асабістае пажаданьне: каб добры пачатак знайшоў добры працяг. Але не пераехаў на сядзібу Шаблінскага:).
Алена Скарабагатава, для ТГ
Меркаваньні:
Алег Хаменка, мастацкі кіраўнік фэстывалю:
Я
цалкам задаволены тым, як усё прайшло — настолькі ўсё было гарманічна,
нават дождж і вясёлка да месца былі:). Вядома ж, былі накладкі, але
бязь іх не абыходзіцца ніводная жывая дзея. Мы ўжо думаем пра
правядзеньне другога фэстывалю, які будзе яшчэ маштабней.Уладзімер Рылатка, намесьнік міністра культуры:
Мы
падставілі плячо моладзевай ініцыятыве, таму хацелася, каб усё выйшла
як трэба. Але ня ўсё ўдалося, бо быў дождж. Сама задума вартая і ў
будучыні гэты фэстываль можа стаць міжнародным.Максім Жбанкоў, культуроляг (у інтэрвію
belapan.com):
Не
зусім разумею каму патрэбны гэты канцэрт у тым фармаце, у якім ён цяпер
адбываецца. Усе гэта можна слухаць цяпер у лепшай якасьці, зь лепшым
гукам. Калі тут была задача сабраць шмат гледачоў, гэтага ня выйшла.
Калі гэта была задача даць музыкам выступіць — цяпер ім выступаць ніхто
не забараняе. Таму ў мяне паўстае пытаньне — ці варта была гэтая
дастаткова малалюдная акцыя дамоваў з уладамі, перамоваў з сыстэмай,
безумоўнай стратай маральнай рэпутацыі тымі, каго мы лічылі культурнымі
героямі?
Зьміцер Безкаравайны, кіраўнік праекту Experty.by:
Апошні
цалкам беларускі рок-фэст у Менску быў увесну 2004 году. Ужо таму сам
факт таго, што «Bela Music» адбыўся, грае вялікую ролю. Менавіта таму
можна размаўляць пра розныя недахопы і хібы фэсту, якія трэба будзе
выпраўляць, але пры гэтым нельга забывацца казаць вялікі дзякуй яго
арганізатарам за зробленае.