Субота, 20.04.2024, 10:36
Вольны Мазыр! Усё аб Вольным Мазыры, і не толькі.
Галоўная | Рэгістрацыя | УваходНа галоўную старонкуДадаць у абранаеКарта сайтаПошукКантакт
Меню сайту
Галоўная старонкаГалоўная старонка
ГасцёўняГасцёўня
ФорумФорум
ФотаальбомФотаальбом
МультымедыяМультымедыя
Анлайн гульніАнлайн гульні
Вольная музыкаВольная музыка
ГороскопГороскоп
Гісторыя горадаГісторыя горада
Карта горадаКарта горада
СпасылкіСпасылкі
Акцыі і мітынгіАкцыі і мітынгі
Парады праваабаронцыПарады праваабаронцы

Аб сайцеАб сайце
Зваротная сувязьЗваротная сувязь
Падзелы навін
Беларусь [69]
Мазыр [79]
Культура [29]
У свеце [12]
Палітыка [160]
Грамадства [99]
Армейскі дзёньнік [9]
Спорт [19]
Рэклама
Наша апытанне
Лідары апазіцыі кажуць пра незалежнасьць,але атрымліваюць дэведэнты з ЗША. Апазіцыя залежыць ад ЗША?
Усяго адказаў: 48
Лічыльнік
Rating All.BY Каталог TUT.BY
Галоўная » 2009 » Ліпень » 26 » Хроніка мяса-малочнага крызісу: 19 — 25 ліпеня
Хроніка мяса-малочнага крызісу: 19 — 25 ліпеня
04:23
  На гэтым тыдні расейская Фэдэральная служба па вэтэрынарным і фітасанітарным наглядзе Россельхознадзор увяла абмежаваньні на пастаўку прадукцыі двух беларускіх мясакамбінатаў — Гомельскага і Берасьцейскага.

  Паводле зьвестак расейскага ведамства, у мясных вырабах гэтых камбінатаў знойдзеныя шкодныя рэчывы.

  Апроч таго, ад 1-га жніўня Расея абяцае спыніць на рынак доступ беларускай малочнай прадукцыі, якая не прайшла экспэртызу ў адпаведнасьці з правіламі санітарнай службы «Роспотребнадзор».


  Падставай для забароны паставак з Гомельскага і Берасьцейскага мясакамбінатаў названы паўторна выяўленыя ў мясных вырабах антыбіётыкі. Між тым выканаўца абавязкаў дырэктара Берасьцейскага мясакамбінату Міхаіл Цодаў кажа, што ніводзін мясакамбінат не выкарыстоўвае антыбіётыкі. Паводле Цодава, антыбіётыкі — гэта праблема гаспадарак, якія парушаюць культуру вырошчваньня і кармленьня жывёлы.

У экспартных пастаўках мясной прадукцыі Беларусь на 100% залежыць ад Расеі. Штогод туды пастаўляецца ў сярэднім 115 тысяч тон мяса і мясапрадуктаў амаль на паўмільярда даляраў. Таму кожнае абмежаваньне доступу на расейскі рынак балюча адбіваецца як на асобных мясакамбінатах, так і на бюджэце ўсёй краіны.

Як кажа экспэрт у аграрнай галіне Анатоль Гуляеў, калі Расея мэтадам розных абмежавальных захадаў намагаецца скараціць беларускі імпарт, Беларусь неўзабаве апынецца перад праблемай перавытворчасьці:

“У Беларусі, асабліва на Берасьцейшчыне, вялізныя жывёлагадоўчыя комплексы на 20 тысяч, 60 тысяч, нават да 100 тысяч галоў жывёлы стаіць у гэтых комплексах. Гэта высокатэхналягічная вытворчасьць, у чымсьці канвэер. І ў выпадку форс-мажору куды ўсё гэта падзець? Вядома, лягічна было б паспрабаваць пераарыентавацца на нейкія іншыя рынкі. Аднак усе разумеюць складанасьць і працягласьць такога працэсу”.

Да якасьці айчынных прадуктаў ёсьць прэтэнзіі і ў беларускага Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчаваньня. Днямі ведамства забараніла экспарт у Расею прадукцыі некаторых прадпрыемстваў, бо ў ёй знайшлі недапушчальную колькасьць антыбіётыкаў. У чорны сьпіс уключаныя Лунінецкі малаказавод, Бабруйскі мясакамбінат і Клецкі маслакамбінат.

Між тым, гандлярка фірмовай крамы Берасьцейскага мясакамбінату “Консум” спадзяецца, што “мясная вайна” ня будзе працяглай. У спадарыні ёсьць досьвед продажу прадуктаў у Расеі:

“Нашы крамы Берасьцейскага мясакамбіната выяжджалі ў мінулую зіму ў Санкт-Пецярбург. Прадалі там усё пад нуль”.

Кіраўніцтва Берасьцейскага мясакамбінату не жадае перабольшваць цяперашні канфлікт з Расеяй. У гісторыі прадпрыемства гэта не ўпершыню. Галоўны вэтурач Генадзь Бухавецкі лічыць: усё цягам часу “ўтрасецца”.

Беларускі Інстытут мяса-малочнай прамысловасьці таксама не камэнтуе прычыны “мясной вайны”. Аднак у прыватных гутарках навукоўцы крытычна выказваюцца наконт цяперашняй якасьці беларускіх прадуктаў. Вось што гаворыць адзін з навукоўцаў дасьледчай лябараторыі:

“На зьнешні выгляд каўбаса выглядае нібыта добра. А іншы раз купіш, у ёй набіта ўсялякіх дадаткаў. Сардэлькі і сасіскі — тое ж самае. Нельга іх зварыць ці падсмажыць — расплываюцца з-за тлушчу”.

На Бабруйскім мясакамбінаце паведамляюць, што забарону на часовы вываз прадукцыі ў Расею ўвяло Міністэрства сельскай гаспадаркі й харчаваньня Беларусі. Гаворыць прадстаўнік адміністрацыі мясакамбінату:

“Паводле стандартаў Рэспублікі Беларусь дазваляецца наяўнасьць антыбіётыкаў. Аднак пытаньне ў тым, што Расея ўвяла стандарт на поўную адсутнасьць антыбіётыкаў, хоць такое мала верагодна. Мы ня ведаем, як у Расейскай Фэдэрацыі вырабляюць прадукцыю без антыбіётыкаў”.

Для прадпрыемства нават часовае прыпыненьне паставак — адчувальны удар. Выраблены аб’ём прадукцыі мясакамбінат ня ў стане цалкам рэалізаваць на ўнутраным рынку. Суразмоўца перакананы: у пазыцыі расейцаў больш палітыкі, чым эканомікі:

“У першым паўгодзьдзі экспарт у нас склаў 6,9 мільёнаў даляраў. Цалкам, да жалю, выканаць патрабаваньне расейскага боку будзе надзвычай цяжка. Гэта зноўку пачаліся гульні палітычнага характару”.

Незалежны эканаміст Пётар Мігурскі не зьдзіўлены, што беларуская мясная прадукцыя не адпавядае расейскім стандартам:

“Шмат якія прадпрыемствы працуюць па старынцы, абы вырабіць. Зьвярніце ўвагу: пастаўкі на заходнія рынкі ў нас фактычна не павялічваюцца. Яны знаходзяцца на пэўным узроўні. Але туды адбор вядзецца самым дбайным чынам. Выходзіць, што на расейскі рынак можна скідваць усё астатняе”.

Старшыня Гарадзенскага аблвыканкаму Ўладзімер Саўчанка падчас сустрэчы з кіраўніком прадстаўніцтва Эўразьвязу ва Ўкраіне і Беларусі Жазэ Мануэлем Пінту Тэйшэйрам заявіў, што мясакамбінаты Гарадзеншчыны гатовыя павялічыць аб’ём экспарту прадукцыі ў Эўропу.

На Слонімскім мясакамбінаце загадчыца аддзелу маркетынгу Натальля Каліноўская ведае пра пляны губэрнатара і кажа, што прадпрыемства рыхтуецца да супрацоўніцтва з краінамі Эўразьвязу. Але пакуль наладжваюцца кантакты з Украінай і Казахстанам. Між тым, спадарыня Каліноўская перакананая: прадпрыемства зможа канкурыраваць на Захадзе:

“У эўрапейскіх краінах давялося пабываць. Можна пад іх падстроіцца, паколькі ў іх своеасаблівая культура харчаваньня, асабліва гэта датычыць каўбасаў. Нічога немагчымага няма, мы вельмі мабільныя і можам зрабіць для іх тое, што ім падабаецца”.

На Лідзкім мясакамбінаце вядзецца рэканструкцыя і вядучы спэцыяліст па зьнешнеэканамічных сувязях Войцех Юрэвіч, выказвае перакананьне: пасьля яе сканчэньня прадпрыемства таксама зможа выпускаць канкурэнтаздольную прадукцыю у краінах Эўразьвязу.

“Як кажуць, толькі не парушай тэхналёгіі і ўсё будзе атрымлівацца, паколькі ровар прыдуманы ўжо даўно. Скончым рэканструкцыю і прадпрыемства таксама будзе гатова да экспарту ў Эўразьвяз”.

Прадпрыемства “Палескія сыры” з Хойнікаў — у ліку “штрафнікоў” расейскай службы Роспотребнадзор. Прычым, не з-за радыяцыі, а з наяўнасьці ў прадукцыі рэшткаў антыбіётыкаў. Апавядае дырэктар прадпрыемства Галіна Бондар:

“Узяты на асаблівы кантроль некалькі прадпрыемстваў, у прадукцыі якіх выяўлены антыбіётыкі. Таму яны й кантралююць пастаянна на мяжы ўвоз нашай прадукцыі ў Расею. Па 7-8 гадзінаў машыны стаяць. Вось і нядаўна ехалі ў Санкт-Пецярбург — машына з маслам стаяла практычна 7 гадзінаў на Віцебскім памежным пераходзе”.

Дырэктар цьвердзіць, што супярэчыць расейскаму боку надзвычай складана. Няма адпаведнага абсталяваньня. Таму да 1 жніўня тут плянуюць ўсталяваць фатомэтр амэрыканскай вытворчасьці й на месцы рабіць патрэбныя аналізы:

“Нам будзе лягчэй, але гаспадаркам — цяжэй. Як вы лічыце: я малако сёньня надаіла з антыбіётыкамі й прывезла на прадпрыемства? Праблема ж цяпер у гаспадарках. Калі лячылі карову, то 30 дзён малако ад яе нельга здаваць. А мы сёньня гонім „вал“. Намесьнік начальніка Рэчыцкага райсельгасхарчу заявіў: „Мне вал патрэбны!“ Калі будзем „валіць“, то сапраўды — завалімся”.

Загадчыца лябараторыі Шчучынскага сырзаводу Людміла Бабіна кажа, што на заводзе атрымалі сэртыфікаты на ўсю экспартную прадукцыю за выключэньнем сухога малака. Пастаўкі яго ў Расею прыпыненыя да 30 верасьня. У новым дакумэнце, згодна патрабаваньняў расейскага боку, сэртыфікат будзе выдавацца толькі пасьля санэпідэмзаключэньня:

“Дзяржстандарт нас абавязаў, каб мы ўносілі абавязкова ў сэртыфікат нумар санэпідэмзаключэньня, хоць згодна з патрабаваньнямі тэхнічнага рэглямэнту і іншых законаў Расеі, гэта зусім неабавязкова. Мы ўсё роўна прадстаўляем гэты дакумэнт са стосам іншых дакумэнтаў на мяжу. І навошта тады яго туды ўносіць у сэртыфікат, калі копія і так перадаецца разам з грузам”.

Загадчыца аддзела маркетынгу Наваградзкага масларобчага камбінату Лілія Грынь таксама кажа, што завод атрымаў неабходныя сэртыфікаты з расейскіх лябараторый. І яе таксама ўразілі новыя патрабаваньні:

“У санітарна-эпідэміялягічным заключэньні трошкі іншая фармулёўка. Да прыкладу, у сырах цяпер пішуць масавую долю тлушчу ў сухім рэчыве. Папросту іншымі словамі запісалі тое, што і было, а сутнасьць тая самая”.

На Бераставіцкім сыраробчым заводзе кажуць, што ў расейскіх лябараторыях, якія знаходзяцца на памежжы з Беларусьсю, ўтварыліся чэргі і многія вытворцы папросту не пасьпеюць да 1 жніўня зрабіць сэртыфікаты:

“Мы дзеля таго, каб паскорыць працэс, езьдзілі ў глыбінку, але нас папрасілі, каб усё ж рабілі гэта бліжэй да сваіх зонаў. Мы, зразумела, вымушаны былі вяртацца ізноў да мяжы”.

Некаторыя акцыянэры прадпрыемства “Пружанскі малочны завод” лічаць, што ў выніку малочнай вайны іх зробяць жабракамі. Паводле заяўнікаў, завод цяпер акупуюць расейскія бізнэсоўцы і гэта пярэчыць афіцыйнай інфармацыі, што нібыта ніводзін малаказавод не будзе прададзены Расеі. Гаворыць адзін з заяўнікаў:

“Мы ўжо атрымалі новую тэхналягічную лінію коштам 1,5 мільёна эўра. Гэта будзе цалкам расейскі цэх. Разумееце, што адбываецца? Тут будзе асобная бугальтэрыя, асобнае кіраўніцтва і ўсё астатняе”.

Суразмоўца цьвердзіць, што пазбаўляе беларускіх акцыянэраў іх уласнасьці расейская кампанія “Юнімілк” — уладальнік брэнду “Вясёлы малочнік”. Таксама выяўляецца, што новы гаспадар вылучае свае патрабаваньні:

“Ну вось зразумейце: ім малако ад насельніцтва не патрэбнае. Малако нізкіх гатункаў — таксама. Куды такое малако дзяваць? Перакананы, што тут будуць пасьля вялікія праблемы…”.

Галоўны тэхноляг Пружанскага малочнага камбінату Жана Падалянчык спраўдзіла намеры расейскага інвэстара перахапіць уласнасьць на Берасьцейшчыне. Па словах спэцыяліста, “Юнімілк” прэтэндуе таксама на малочныя заводы ў Бярозе, Пінску й Кобрыне. Кампанія “Юнімілк” створаная ў 2002 годзе і цяпер аб’ядноўвае 25 малочных заводаў у Расеі і 2 — ва Ўкраіне.


Праглядаў: 660 | Дадаў: Karnic | Рэйтынг: 0.0/0 |
Усяго каментароў: 0
Имя *:
Email *:
Код *:
Форма ўваходу
Лагін:
Пароль:
Каляндар навін
«  Ліпень 2009  »
ПнАўСрЧцПтСбНд
  12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031
Дакладны беларускі час
Рэклама
Надвор'е
Надвор'е ў Мазыры
Інфармацыя сайта pogoda.by
Курсы валют
Трохі аб вас
Даведайся пра свой IP адрас
Статыстыка

Анлайн усяго: 1
Госцяў: 1
Карыстальнікаў: 0
LiveInternet
Copyright Вольны Мазыр © 2007 - 2024 Конструктор сайтов - uCoz