Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка прыбыў на парад з нагоды Дня
незалежнасьці разам з малодшым сынам Колем. Абодва былі ў вайсковай
форме.
У сваім выступе А.Лукашэнка адзначыў, што Беларусь імкнецца да збліжэньня народаў, пасьлядоўна праводзіць збалянсаваную,
шматвэктарную палітыку, лічыць “сваімі жыцьцёва важнымі інтарэсамі
разьвіцьцё ўсебаковага і ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва з усімі
краінамі”.
Паводле А.Лукашэнкі, “у сьвеце не павінна быць
звышдзяржаваў, якія самі сябе надзялілі правам дыктаваць умовы, як жыць
сувэрэнным і незалежным краінам”.
“На жаль, апошнім часам
зьявіліся спробы трактаваць прынцып шматвэктарнасьці ледзь не як здраду
саюзьнікам з боку Беларусі. Не слабее імкненьне праціўнікаў
беларуска-расейскай інтэграцыі ўбіць клін у нашы стасункі”, — сказаў
А.Лукашэнка. Ён заявіў, зьвяртаючыся да кіраўнікоў Расеі, што “Беларусь
не гандлюе дружбай з Расеяй”.
“Мы братэрскія народы, мы адзін
народ. Наша агульная і вялікая перамога і сёньняшні юбілей, якія
сымбалізуюць наш сумесны ўклад у разгром агрэсара, вызваленьне нашых
народаў і ўсяго чалавецтва ад фашысцкага паняволеньня, тысячакротна
пераважваюць узаемныя рознагалосьсі і прэтэнзіі. Разам мы вырашалі і
вырашым любыя праблемы”, — сказаў кіраўнік краіны.
“За апошнія
15 гадоў Беларусі прадказвалі крах і сацыяльныя ўзбурэньні, але ў нас
запас трываласьці дастатковы”, — сказаў А.Лукашэнка.