Панядзелак, 26.06.2017, 07:16
Вольны Мазыр! Усё аб Вольным Мазыры, і не толькі.
Галоўная | Рэгістрацыя | УваходНа галоўную старонкуДадаць у абранаеКарта сайтаПошукКантакт
Меню сайту
Галоўная старонкаГалоўная старонка
ГасцёўняГасцёўня
ФорумФорум
ФотаальбомФотаальбом
МультымедыяМультымедыя
Анлайн гульніАнлайн гульні
Вольная музыкаВольная музыка
ГороскопГороскоп
Гісторыя горадаГісторыя горада
Карта горадаКарта горада
СпасылкіСпасылкі
Акцыі і мітынгіАкцыі і мітынгі
Парады праваабаронцыПарады праваабаронцы

Аб сайцеАб сайце
Зваротная сувязьЗваротная сувязь
Падзелы навін
Беларусь [69]
Мазыр [79]
Культура [29]
У свеце [12]
Палітыка [160]
Грамадства [99]
Армейскі дзёньнік [9]
Спорт [19]
Рэклама
Наша апытанне
Як вы лічыце нам патрэбна адраджэнне мовы і культуры ўвогуле?
Усяго адказаў: 90
Лічыльнік
Rating All.BY Каталог TUT.BY
Галоўная » 2009 » Сакавік » 6 » Армейскі дзёньнік Франака Вячоркі 23.02 - 5.03
Армейскі дзёньнік Франака Вячоркі 23.02 - 5.03
02:22
23 лютага. Дзе Яны — абаронцы Айчыны?

Дзень абаронцы Айчыны. Дзень узброеных сілаў Рэспубліки Беларусь. Ніхто з хлапцоў ня ведае, чаму адзначаем менавіта 23 лютага, але «раз так прынята, значыць, так трэба».

У гісторыі ёсьць выбітнейшыя даты, якія маглі б сымбалізаваць веліч узброеных сілаў Беларусі. 8 верасьня 1514 года беларускія войскі ВКЛ атрымалі самую значную перамогу над амаль утрая большай маскоўскай арміяй. Тая перамога зьяўляецца ўзорам эўрапейскага ваенна-тактычнага майстэрства.

БНФ рабіў спробы абвесьціць 8 верасьня нацыянальным сьвятам — Днём беларускай вайсковай славы. 8 верасьня 1992 на плошчы Незалежнасьці ў Менску пад бел-чырвона-белым сьцягам афіцэры-беларусы прынялі прысягу на вернасьць свайму народу. Удзел бралі афіцэры ў адстаўцы, дзеячы Беларускага Народнага Фронту Васіль Быкаў, Анатоль Грыцкевіч, Зянон Пазьняк. Сярод тых, хто прымаў прысягу, быў і Віктар Шэйман, які неўзабаве стаў найбліжэйшым паплечнікам Лукашэнкі.

У афіцыйнай ідэалягічнай дагматыцы нават адсутнічае міф пра 23 лютага. Затое ён ёсьць у нацыяналістаў. 23 лютага 1944 было падпісана распараджэньне аб утварэньні Беларускай Краевай Абароны (БКА). БКА паўстала зь ініцыятывы Беларускай Цэнтральнай Рады і яе прэзыдэнта Радаслава Астроўскага. У сакавіку 1944 адбыўся першы ў гісторыі прызыў у беларускую нацыянальную армію. Больш за 25 тысяч жаўнераў і афіцэраў супрацьстаялі бальшавікам, бандытам-партызанам, а пасьля і фашыстам. Галоўная мэта БКА — вольная і незалежная Беларусь — ня спраўдзілася. Многія эмігравалі, а хто застаўся — пакараныя як калябаранты.

У вайскоўцаў БКА былі ўласныя песьня-марш, малітва і нават уніформа. Тэкст прысягі амаль ня розьніцца ад сучаснай беларускай, у гэтым адчуваецца прыемная пераемнасьць. Але самае галоунае — ідэйная плятформа, усьведамленьне вайсковага абавязку як місіі.

У нас у шпіталі адбылася цэлая дыскусія. Нават салдат-стараслужачы — актывіст БРСМу пагадзіўся, што войска без нацыянальнай ідэі — ня войска. Афіцыйная дзяржаўная ідэалёгія не дае адказу, ЗА што мы змагаемся. Зампаліт ня здолеў мне патлумачыць, чаму МЫ абавязаныя бараніць расейскае неба і якая Беларусі ад гэтага карысьць (маецца на ўвазе супольная з Расеяй сетка СПА).

Усё гэта для хлапцоў было адкрыцьцём. Я ім даў перапісаць тэксты «Мы выйдзем шчыльнымі радамі», «У гушчарах», «За Случчыну». Гэтыя маршы значна лепш кладуцца пад крок, чым тое, што нас прымушаюць сьпяваць на вечаровай прагулцы.

25 лютага. Беларуская мова ў войску

На прыканцы дзевяностых былыя вайскоўцы — Сяржук Чыслаў і Станіслаў Суднік — распрацавалі расейска-беларускі вайсковы слоўнік. Падобная праца вялася ў Міністэрстве абароны і раней, але была намёртва спыненая неўзабаве пасьля рэферэндуму аб наданьні расейскай мове статусу дзяржаўнай.

У слоўніку адшукаеш беларускія варыянты вайсковых званьняў, камандаў, сьпецыялізаванай лексікі. Аўтары відавочна апіраліся на тэрміналёгію 18-пачатку 20 стагодзьдзяў. Так, старшага лейтэнанта можна назваць паручнікам, лейтэнанта — падпаручнікам, генерала — гетманам. Гетманам жа называлі і ваеннакамандуючага ў ВКЛ.

Калі начальнік аддае загад, беларускі салдат крычыць «Рэй!». Савецкае «Есть!» запазычанае з часоў расейскай імперыі, што ў сваю чаргу скалькавана з ангельскага «Yes!». «Ура! Ура! Ура!» — таксама ангельская калька. Чыслаў і Суднік прапануюць покліч «Рубон!», пад які беларускія жаўнеры ішлі ў наступленьне.

Іншыя прыклады:

«Шагом марш!» — «Крокам руш!»
«Равняйсь!» — «Шыхтуйсь!»
«Смирно!» — «Зважай!»
«Вольна! — «Спачні!»
«Напра-во! — «Права фронт!»
«Кругом!» — «Тыл фронт!»
«На ремень!» — «На пас!»
«Здравия желаю!» — «Вітаю!»
«Товарищ» — «Спадар».

Гэтыя і іншыя каманды — экзотыка для салдат і афіцэраў.

Мне прыслалі чатыры асобнікі слоўніка. Адзін падару камбату, адзін — зампаліту. Два асобнічкі пакіну ў салдацкай міні-бібліятэчцы. Рана ці позна гэтая кніжка стане асноўным падручнікам беларускай арміі.

26 лютага. Суд, якога няма

Напісаў рапарт на імя начальніка шпіталя з просьбай даставіць мяне ў Менскі гарадзкі суд — 26 лютага ў 15.00. Гэта разгляд скаргі на рашэньне суда 23 студзеня, калі суд без майго ведама прыняў рашэньне аб законнасьці майго прызыву.

На суд, натуральна, мяне не адпусьцілі: «Разьбяруцца і безь цябе!». Мае інтарэсы прадстаўлялі адвакат ды бацька. Нашу справу разглядалі апошняй. Адвакат прадставіла асноўныя аргумэнты: што была парушаная працэдура, у асабістай справе — два розныя пратаколы прызыўной камісіі, а рашэньне суда 23-га студзеня — незаконнае, паколькі быў незапрошаны зацікаўлены бок.

Тры судзьдзі-жанчыны слухалі, слухалі, слухалі — і аб’явілі перапынак. Паўгадзіны суд раіўся з «сумленьнем». І халоднакроўна агучыў прысуд: усё законна і ўсім дзякуй, усе свабодныя...


1 сакавіка. Лекцыя аб шкодных звычках

У нядзелю ў 09.05, якраз пасьля разводу, — прагляд праграмы «Арсенал» і размова.

Зампаліт запытаў:

— Якія вы ведаеце шкодныя звычкі?

Самым сьмелым аказаўся сержант. Мы разам назвалі пяць асноўных шкодных звычак: п’янства, паленьне, наркаманія, асобна таксікаманія і нецэнзурная лаянка.

Кожнаму салдату, як высьветлілася, ёсьць чым падзяліцца з уласнага досьведу і досьведу блізкіх. Мне выпала расказваць пра нецэнзурную лаянку. Бальшыня салдатаў не пагадзілася, што мат — шкодная звычка («Мат — это основа русского языка», «Маты позволяют более эмоционально и точно выразить мысль», «Хто как хатит, тот так и гаварыт»...). Мне стала цяжка кіраваць дыскусіяй. Я аказаўся ў абсалютнай меншыні. Хлапцам няўцям, што мат ня толькі сьведчыць аб нізкай культуры чалавека, але і абражае людзей, у атачэньні якіх ты знаходзішся. Я сказаў, што радзіма мату — савецкія ды расейскія турмы і зоны, што нідзе ў Эўропе няма аналягу расейскай лаянцы. Хлапцы паспрабавалі паспрачацца, але ўрэшце пагадзіліся.

Адзін стараслужачы падняў руку:

— Мне вось, напрыклад, непрыемна, калі мяне афіцэры нецэнзурна абражаюць. Я чалавек спакойны, раблю ўсё павольна, але якасна. Мяне гэтыя абразы асабіста крыўдзяць.

— Ну дык скардзіліся б мне! — перабіў зампаліт.

— Гэта ж значыць «Стучать»!.. Гэта ж непрынята...

— Ну тады цярпіце...

Церпім.

2 сакавіка. Кантрабас

Для некаторых вайсковая служба ёсьць трамплінам у жыцьцё. Яны прыйходзяць у войска з малых гарадоў і вёсак, дзе цяжка знайсьці працу і самарэалізавацца. За паўтары гады службы хлапцы адрываюцца ад сям’і, блізкіх, былых заняткаў. Ляяльнасьць і стараннасьць высока цэняцца. Іх павышаюць у званьні і давяраюць асабісты падначалены склад. Для юнакоў гэта — сапраўднае прызнаньне, якога не дачакацца ў грамадзянскім жыцьці. Войска становіцца іх сям’ёй, яны ідуць на кантракт.

У нашай частцы палова асабістага складу — кантрактнікі, мужчыны 30-40 гадоў, але ёсьць і жанчыны. Салдаты тэрміновай службы называюць іх пяшчотна «кантрабасамі».

Кантрактнікі начуюць дома, а не ў казарме, ходзяць на службу, як на працу, зарабляюць грошы. Ва ўсім астатнім абавязкі ваеннаслужачых па кантракце нічым не адрозьніваюцца ад абавязкаў жаўнераў. Ня маючы ваеннай адукацыі, максымай салдата-кантрактніка ёсьць званьне старшага прапаршчыка. Заробкі, як правіла, нізкія і, насуперак уладным абяцаньням, памяншаюцца. Праз гэта аўтарытэт і папулярнасьць арміі імкліва падаюць. Моладзь, якая ў дзяцінстве марыла стаць ваеннымі, хутчэй пойдзе ў міліцыю, чым у сучаснае войска...

3 сакавіка. Разумны ў войску

Разумных у войску насамрэч не далюбліваюць альбо пазьбягаюць. Калі ты чытаеш кніжкі альбо любіш клясычную музыку — ты дзівак. Усе нармальныя пацаны не выпендрываюцца, слухаюць Міхаіла Круга і ходзяць у «качалку».

Штодзень перад «Панарамай» мы ў чарговы раз пераглядаем DVD-дыск з кліпамі пра зону. А пасьля адбою ўключаем «Сто дней до приказа» і «Дысцыплінарны батальён».

Як бы не атупець за паўтара года...

4 сакавіка. Галоўны вораг беларускай арміі

«Галоўны вораг беларускай арміі — салдат, які думае. У арміі ўсё пралічана да дробязяў. Вашая задача — тупа сьледаваць указаньням камандзіраў», — сказалі нам у першы дзень вучэньняў.

«Спачатку ты спрачаешся, пераконваеш афіцэра, што бессэнсоўна пасыпаць пяском сьцежку, калі йдзе сьнег, бо праз хвіліну твой пясок замяце. Спачатку ты абураешся, чаму ўвесь дзень, пакуль сьвяціла сонца, вас трымалі ў казарме, а вечарам, як пайшоў дождж, вас адправілі пампаваць колы старэнькім «Уралам», — падзяліўся досьведам стараслужачы. — Але з часам ты тупееш, табе становіцца ўсё роўна. Ты больш не стараешся, бо ўсё адно давядзецца пераробліваць».

Тут праяўляецца салдацкая вынаходлівасьць — як бы дзе схалтурыць, каб начальнік не заўважыў.

5 сакавіка. Новая прафесія

Напэўна, мне не ўдасца зьмяніць ход гісторыі. Мяне адхілілі ад усіх абавязкаў, зьвязаных з кантролем паветранай прасторы. Камандзіры прачыталі мой дзёньнік і спалохаліся, што я сапраўды магу нешта ўчыніць. Цяпер я — дызеліст-электрык, галоўны электрамеханік кацельнага вузла. Праца мазгоў не патрабуе — адно падліваць машынны алей, спраўджваць ахалоджвальную вадкасьць, падцягнутасьць рэмняў рухавіка.

У выпадку баявой гатоўнасьці я заводжу дызель-тарахцелку, падключаю генератар і падаю сілкаваньне на станцыю. Баявая гатоўнасьць здараецца нячаста — як правіла, падчас вучэньняў раз на паўгода і калі Лукашэнка ляціць.

Няхай жыве моцны і здаровы салдацкі сон!

Катэгорыя: Армейскі дзёньнік | Праглядаў: 723 | Дадаў: Karnic | Рэйтынг: 0.0/0 |
Усяго каментароў: 0
Имя *:
Email *:
Код *:
Форма ўваходу
Лагін:
Пароль:
Каляндар навін
«  Сакавік 2009  »
ПнАўСрЧцПтСбНд
      1
2345678
9101112131415
16171819202122
23242526272829
3031
Дакладны беларускі час
Рэклама
Надвор'е
Надвор'е ў Мазыры
Інфармацыя сайта pogoda.by
Курсы валют
Трохі аб вас
Даведайся пра свой IP адрас
Статыстыка

Анлайн усяго: 1
Госцяў: 1
Карыстальнікаў: 0
LiveInternet
Copyright Вольны Мазыр © 2007 - 2017 Конструктор сайтов - uCoz