“НКВД — GESTAPO. Браты
па крыві” — так называецца новы дакумэнтальны фільм рэжысэркі Галіны
Самойлавай, які 28 студзеня ўвечары прэзэнтаваўся ў Менску ў сядзібе
БНФ.
Гэта ўжо трэці фільм цыклю “Невядомая Беларусь”, запачаткаваны тэлеканалам “Белсат”.
Ігар Кузьняцоў
Уладзімер Самойлаў, апэратар стужкі
Мапа расстрэлаў і пахаваньняў (1919—1940 гг.)
Перад пачаткам прагляду адзін з суаўтараў фільму гісторык Ігар Кузьняцоў патлумачыў прысутным прычыну абраньня невялікага памяшканьня для прэзэнтацыі:
“Меркавалася,
што прэзэнтацыя адбудзецца ў адной недзяржаўнай грамадзка-дасьледчай
установе. Але калі я ім прапанаваў гэты фільм, то мне сказалі: “Вы што
думаеце, што адліга распаўсюджваецца на гісторыю? Мы ня хочам спыніць
сваю дзейнасьць з-за вашага фільму”.
Трыццаціхвілінная стужка
пачынаецца з цытаваньня дакумэнтаў, якія паведамляюць пра шчыльныя
стасункі НКВД і GESTAPO, абмен досьведам мэтадау допыту і зьнішчэньня
ахвяраў сталінскага і гітлераўскага рэжымаў, прыводзяць факты
падабенства іх сутнасьці.
З кожным новым кадрам фільм усё больш
уражвае невядомымі фактамі. Напрыклад, пра тое, што душагубкі былі
вынайдзеныя не ў фашысцкай Нямеччыне, а ў сталінскім СССР.
Ці дакумэнты пра выдачу саветамі нямецкіх антыфашыстаў, якія ўцякалі ад перасьледу ў Савецкі Саюз.
Фільм
здымаўся ў трох краінах — Беларусі, Літве і Нямеччыне. Найбольш яркімі
і эмацыйнымі атрымаліся тыя кадры, якія аўтары зьнялі ў Музэі ахвяр
генацыду ў Вільні і ў Цэнтры гісторыі нацызму ў Кёльне. У Беларусі
падобных музэяў няма, хаця ахвяраў непараўнальна больш. Паваенная
Нямеччына асудзіла злачынствы гітлераўцаў, яе школьнікі вывучаюць
гісторыю нацызму. Кожны пяціклясьнік Літвы ведае з урокаў гісторыі пра
ахвяраў сталінізму. У Беларусі ж часы нібыта не зьмяніліся — такой
высновай завяршаецца гэты фільм.
Уражаньні ад фільму, асабліва
наконт таго, што беларуская моладзь ня хоча ведаць пра падзеі
сямідзесяцігадовай даўніны, у прысутных розьняцца.
Юначка:
“Я ня думаю, што можна так адназначна сказаць, што моладзь ня хоча
нічога ведаць. Безумоўна, частка моладзі цікавіцца гісторыяй сваёй
краіны, а частцы моладзі, напэўна гэта не цікава — як і ў любой краіне”.
Юнак:
“Беларускія рэаліі цяпер такія, што сапраўды гэты фільм атрымліваецца
адрасаваным якраз тым людзям, якія хочуць нешта даведацца пра гэта.
А тыя людзі, каторыя ня хочуць, а іх большасьць у Беларусі, яны,
на жаль, я думаю, да такіх матэрыялаў не дабяруцца”.