Прэзыдэнт ЗША Барак Абама мае намер на працягу
году закрыць турму на ваеннай базе ў Гуантанама. Як чакаецца, сёньня ён
падпіша адпаведнае распараджэньне.
У распараджэньні будзе таксама заклік да спыненьня ўсіх судовых разьбіральніцтваў, якія вядуцца цяпер у Гуантанама.
Напярэдадні зь ініцыятывы Абамы частка гэтых працэсаў была прыпыненая.
Апрэч таго, Абама выдасьць асобны загад аб забароне жорсткіх допытаў і іншых умовах зьняволеньня падазраваных у тэрарызме.
У
Гуантанама знаходзіцца каля 250 чалавек, вінавачаных у сувязях з
тэрарыстамі. Закрыцьцё турмы было адным з перадвыбарчых абяцаньняў
новага прэзыдэнта.
Апрэч гэтага Абама прыступіў да фармаваньня
новай каманды. Сэнат ЗША на паседжаньні ў сераду зацьвердзіў
кандыдатуру сэнатара-дэмакрата Гілары Клінтан на пасаду дзяржсакратара ў адміністрацыі Барака Абамы. 94 сэнатары прагаласавалі «за», 2 – «супраць».
Напярэдадні
Абама паўторна прынёс прысягу. Паводле Белага Дому, прымаючы яе ў часе
афіцыйнай цырымоніі ў аўторак, Абама запнуўся, таму было вырашана
паўтарыць працэдуру – як сказана “з залішніх перасьцярогаў”.